Нарадзіўся 10 верасня 1927 годаў вёсцы Замошша Ушацкага раёна Полацкай вобласці (цяпер Віцебская).
Калі пачалася вайна, Уладзіміру Васільевічу ішоў 14-ты год. Пайшоў у партызанскі атрад старэйшы брат. Аднойчы з раніцы, – успамінае ветэран, – пачулі нямецкую стральбу, з-за павароту па накірунку нашай вёскі паказаліся карнікі. Быў люты 1942 года. Я верхам на кані паскакаў у лес да партызанаў. Спыніў мяне партызанскі патруль, дапытаў і павёў да камандзіра. Партызаны мяне накармілі, абагрэлі ў зямлянцы. Так я трапіў у атрад імя Даватара партызанскай брыгады імя Панамарэнкі,які базіраваўся ў Лепельска-Полацкай зоне. Там вучыўся спраўляцца са зброяй, валодаць нажом. Шустрага хлопца накіроўвалі ў разведку, на розныя заданні, неаднаразова прымаў удзел у баях.Самым значным момантам партызанскага жыцця была аперацыя “Прарыў” недалёка ад Ушач. Уратаваўся і ад разгневаных немцаў, што зрабілі аблаву за дыверсію на чыгунцы. Гналіся 12 кіламетраў… Напярэданні разам з таварышамі амаль тры дні паўзлі па сырой, раскіслай восеньскай зямлі, каб усталяваць міну пад цягнік з нямецкай тэхнікай, зброяй і снарадамі. Невядома, колькі б жыццяў землякоў было б загублена, каб той цягнік не пайшоў пад адкос.
Падчас вызвалення Беларусі партызанскі атрад з’яднаўся з Савецкай арміяй. У 1944 годзе юнака направілі дадому: гадоў малавата. Але Уладзімір адразу накіраваўся ў ваенкамат. Выпадкова пачуў, як лаецца ў тэлефоннай размове маёр. Былы вайсковец, скалечаны на руку, таксама рваўся на фронт, а тут перад ім малалетні “ордэнаносец!”, што з ім рабіць?! Разумеючы што хлопец не адступіцца, па-бацькоўску сказаў: будуць ісці артылерысты — гэта твой шлях на фронт. Так Уладзімір трапіў у артылерыю, там выдалі яму салдацкую форму, улічылі партызанскія заслугі і прызначылі трэцім падносчыкам снарадаў. Ваяваў на тэрыторыі Беларусі, потым Германіі. На ўсходзе Германіі яго знайшлі пад насыпам зямлі амаль абяскроўленага. І тым не менш, чарговае спатканне са смерцю скончылася безвынікова. Маладосць і прага да жыцця пераважылі. Вайну закончыў у Германіі на рацэ Одэры ў якасці артылерыста.
Пасля Перамогі служыў пад Кобрынам 8 гадоў у авіяцыі. І там таксама ледзь не трапіў у рукі смерці…
У 1952 годзе прыехаў у Докшыцкі раён Віцебскай вобласці, працаваў настаўнікам фізічнай культуры і ваеннай справы ў Параф’янаўскай школе. Закончыў літфак Вільнюскага настаўніцкага інтытута, потым Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага. Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Сітцаўскай школе, дырэктарам Заборцаўскай школы.
Уладзімір Васільевіч і сёння працуе на зямлі, любіць лес, даглядае свій утульны драўляны домік з чырвонай зоркай ля акна.
За ваенныя заслугі Уладзімір Васільевіч узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі, Ордэнам Айчыннай вайны, Медалём «За Перамогу над Германіяй» і шэрагам юбілейных медалёў.
раскрыть » / « свернуть